Беларускія народныя гульні
Лясь, лясь, уцякай!
Апісанне гульні: дзеці ходзяць па пляцоўцы, збіраюць кветкі, плятуць вянкі. Некалькі дзяцей выконваюць ролю конікаў, яны стаяць у баку на некаторай адлегласці ад дзяцей. На словы:
Лясь, лясь, уцякай!
Цябе коні стопчуць.
А я коней не баюся
Па дарозе пракачуся.
дзеці ўцякаюць, конікі скачуць на палачцы і імкнуцца дагнаць іх.
Пры паўторы гульні дзеці і конікі мяняюцца ролямі.
Правілы гульні: уцякаць патрэбна толькі пасля слова «пакачуся», ігрок, якога дагоніць конік, часова выбывае з гульні.
Прэла-гарэла
Апiсанне гульні: вядучы ў розных месцах хавае прадметы, гаворачы пры гэтым:
Прэла-гарэла,
За мора ляцела,
А як прыляцела,
Дык недзе і села.
Хто першы знойдзе,
Той сабе возьме!
Пасля гэтых слоў усе разбягаюцца па пляцоўцы і шукаюць схаваныя прадметы.
Хто знойдзе больш за усіх, той і выйграў.
Гульцы пачынаюць шукаць прадметы толькі пасля таго, як сказаны ўсе словы.
У той час, калі вядучы хавае прадметы, усе павінны стаяць спіной да яго з заплюшчанымі вачыма.
Грушка
Апісанне гульні: дзеці ўтвараюць круг, у сярэдзіне якога знаходзіцца дзяўчынка ці хлопчык. Гэта і ёсць «грушка». Дзеці ідуць у карагодзе вакол грушкі і спяваюць:
Мы пасадзім грушку усе, усе,
Няхай наша грушка расце, расце.
Вырасці ты, грушка, вось такой вышыні,
Распусціся, грушка, вось такой шырыні!
Расці, расці, грушка, ды у добры час.
Маленькая (iмя) паскачы для нас.
А ўжо наша грушка распусцілася,
А наша (iмя) зажурылася.
А мы тую грушку весяліць будзем.
І ад нашай грушкі уцякаць будзем.
Правiлы гульнi: на апошнія два словы дзеці разбягаюцца, а “грушка” ловіць.Дзеці павінны выконваць танцавальныя рухі па зместу песні.
Вожык і мышы
Апiсанне гульнi: па лічылцы выбіраюцца “вожык” і “мышы” (2-3).Астатнія дзеці становяцца ў кола і ідуць управа, а “вожык” ідзе ўлева. “Мышы” знаходзяцца па-за колам. Дзеці прыгаворваюць:
Бяжыць вожык – тупу-туп!
Сам калючы, востры зуб!
Вожык, вожык, ты куды?
Ад якой бяжыш бяды?
Спыняюцца.Прагаворваюць цішэй.
Вожык ножкамі туп-туп!
Вожык вочкамі луп-луп!
Навакол пануе ціш,
Вожык чуе ў лісці мыш.
“Вожык” ходзіць у коле, прыслухоўваецца. Дзеці гучна кажуць:
Бяжы, бяжы, вожык!
Не шкадуй ты ножак!
Ты лаві сабе мышэй,
Не чапай другіх дзяцей!
Правiлы гульнi: вымавіўшы апошнія словы, дзеці падымаюць у двух месцах рукі, утвараючы “вароты”. Вожык выбягае праз іх, пры гэтым стараецца злавіць каго-небудзь з “мышэй”.Тыя бегаюць дзе хочуць, пралазяць пад рукамі дзяцей. “Вожык” можа трапіць у кола толькі праз “вароты”.
Што робіш?
Апісанне гульні: дзеці выбіраюць гаспадыню і, стаўшы ў круг, рысуюць вакол сябе кружкі. Гаспадыня абыходзіць ігракоў, задае кожнаму работу, напрыклад пячы хлеб, варыць абед, пілаваць дровы, касіць сена і г.д. Дзеці пастукваюць палачкай па свайму кружку і ўвесь час гавораць, якую работу яны выконваюць. Даўшы кожнаму заданне, гаспадыня становіцца ў сярэдзіне круга і гаворыць:
- А цяпер будзем усе забіваць цвікі!
Праз некаторы час яна загадвае ім пілаваць, затым стругаць і г. д. Дзеці абавязаны выконваць усё, што загадвае гаспадыня. Даўшы некалькі заданняў, гаспадыня паказвае прутком на аднаго з ігракоў і нечакана пытаецца: «Што робіш?».
Iгрок павінен адразу ж назваць работу, якую яму даручылі ў пачатку гульні, пасля чаго гаспадыня дае ўсім новыя заданні. Перамагае той, хто ні разу не памыліўся.
Правілы гульні: на пытанне: «Што робіш?» - ігрок павінен назваць работу, якую яму даручылі ў пачатку гульні. Калі ігрок памыліўся, ён павінен адгадаць загадку, якую яму загадваюць.
Нос, нос, нос, лоб
Апісанне гульні: ігракі ўтвараюць круг, пасярэдзіне вядучы. Ён кажа: «Нос, нос, нос, лоб». На тры першых словы вядучы трымаецца за нос, а пры чацвёртым замест ілба ён дакранаецца рукой да другой часткі галавы. Ігракі павінны рабіць усё, як гаворыць, а не як робіць вядучы, і не даць сябе зблытаць. Хто памыліўся – выбывае з гульні.
Правілы гульні: дзеці павінны дакранацца рукой да той часткі цела, якую пазывае вядучы.